
Зводны план павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на 2023 г.
Гузік Алена Алегаўна
загадчыца кафедры, доктар медыцынскіх навук, дацэнт
Адрас: 220013, г. Мінск, вул. П. Броўкі, 3, корп. 3, 6 паверх
Тэлефон кафедры: 8 (017) 311-27-81
Тэлефон загадчыка: 8 (017) 311-27-76
e-mail: hygiene@belmapo.by
Паслядыпломная падрыхтоўка спецыялістаў гігіенічнага профілю ў Рэспубліцы Беларусь праводзілася, пачынаючы з 1945 г., на базе Мінскага медыцынскага інстытута. У сакавіку 1949 г. у БелДІУВе была арганізавана самастойная кафедра гігіены. З 1949 да 1951 гг. кафедру ўзначальваў, у парадку сумяшчальніцтва, дырэктар навукова-даследчага санітарнага інстытута П. В. Астапеня. У якасці асістэнта (па сумяшчальніцтве) на кафедры працавала к. м. н. Л. Ф. Ромыш (1949-1957 гг.) — старшы навуковы супрацоўнік БелНДСГІ, высокакваліфікаваны спецыяліст па гігіене харчавання. У гэтым жа годзе ў штат кафедры ўведзены старшы лабарант А. М. Шавельзон - хімік з вышэйшай адукацыяй. Размяшчалася кафедра ў памяшканні Беларускага навукова-даследчага санітарна-гігіенічнага інстытута. З 1949 г. замест кароткатэрміновай двухтыднёвай тэматычнай падрыхтоўкі, якая праводзілася раней на курсах, на кафедры сталі праводзіць 3-4 месячныя цыклы спецыялізацыі і 1-2 месячныя - тэматычнага ўдасканалення (у асноўным па агульнай гігіене): у 1949 г. - 3 курса па 3 -4 месяцы (20 чалавек), у 1950 г. - 3-х месячныя курсы (29 чалавек).
У 1951 г. кафедра была перайменавана ў кафедру агульнай гігіены. Базай кафедры ў гэты перыяд была Мінская гарадская санэпідстанцыя. У 1958 г. база кафедры палепшана за кошт выдзялення 4 пакояў у адміністрацыйным будынку БелДІУУ, дзе яна знаходзілася аж да 1971 г.
У перыяд з 1951 да 1958 гг. кафедрай кіраваў доктар медыцынскіх навук, прафесар А. П. Мухін. У 1957 г. на пасаду асістэнта абрана к. м. н. В. В. Сурыкава, якая прапрацавала на кафедры з 1957 па 1983 гг.
У 50-я гады кафедра праводзіла доўгатэрміновыя курсы спецыялізацыі, пераважна па агульнай гігіене і арганізацыі лабараторнай службы. З праведзеных з 1951 да 1960 гг. 22 цыклаў толькі 4 былі працягласцю менш за 4 месяцы, а агульная колькасць слухачоў склала 199 чалавек. На кафедры ажыццяўляліся навукова-даследчыя работы па гігіене працы і ўздзеянні шуму на арганізм чалавека, гігіене харчавання.
З 1960 да 1968 гг. кафедрай загадваў прафесар М. А. Габрыловіч. У гады Вялікай айчыннай вайны і ў пасляваенныя гады ён паспяхова спалучаў выкладчыцкую і навуковую дзейнасць з работай у органах кіравання санітарна-эпідэміялагічнай службай: 7 гадоў узначальваў санітарна-эпідэміялагічнае ўпраўленне Міністэрства аховы здароўя БССР. Вялікі практычны вопыт і пазітыўныя асабістыя якасці дазволілі яму істотна палепшыць пастаноўку педагагічнага працэсу на кафедры і значна пашырыць тэматыку навукова-даследчай работы. У 1965—1966 гг. на кафедру прыняты першыя аспіранты С.П.Баброўскіх і С.В.Раговіна, якія праводзілі работу па гігіенічным абгрунтаванні планавання новага сельскага і гарадскога жыллёвага будаўніцтва індывідуальных канструкцый і пасля абароны кандыдацкіх дысертацый былі пакінуты на кафедры асістэнтамі. Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Баброўскіх С.П. працавала на кафедры да верасня 2005 года.
Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў дало магчымасць значна пашырыць і паглыбіць курсавую падрыхтоўку ўрачоў: за перыяд з 1960 па 1970 гг. было праведзена 37 цыклаў, а колькасць слухачоў склала 339 чалавек. Павышэнне кваліфікацыі ажыццяўлялася па агульнай, камунальнай, харчовай гігіене, лабараторнай справе, а таксама па школьнай гігіене і арганізацыі работы санэпідстанцый.
З 1968 да 1971 гг. абавязкі загадчыка кафедры выконвала дацэнт В. В. Сурыкава. У 1971 г. кафедру ўзначаліў кандыдат медыцынскіх навук, заслужаны ўрач БССР прафесар І. Б. Кардаш, якой кіраваў да 1991 г. Начальнік санітарнай службы партызанскай брыгады, пасля вайны намеснік Міністра аховы здароўя БССР, ён на працягу 25 гадоў узначальваў санітарную службу рэспублікі, займаючыся адначасова даследчай працай, унёс значны ўклад у арганізацыю супрацьэпідэмічнай справы, падрыхтоўку і ўдасканаленне кадраў аховы здароўя, паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў працы і жыцця насельніцтва. У гэтыя гады на кафедру прыходзяць маладыя спецыялісты: у 1979 г. на пасаду выкладчыка кафедры запрошаны к.м.н. В. І. Цярноў; у 1980 г. пасля заканчэння мэтавай аспірантуры ў г. Маскве і паспяховай абароны дысертацыі прыняты асістэнтам Я. С. Зяцікаў.; у 1981 г. з практычнай работы ў органах санэпідслужбы Віцебскай вобласці на кафедру прыйшоў працаваць кандыдат медыцынскіх навук Э. П. Боклаг; з 1985 на кафедры працуе кандыдат медыцынскіх навук В. І. Мурох, у пачатку на пасадах асістэнта, дацэнта, а пасля абароны доктарскай дысертацыі (1990 г.) - прафесара.
У 1972 г. кафедра пераведзена ў новы навучальна-лабараторны корпус, дзе ў 14 добраўпарадкаваных пакоях размясціліся навучальныя класы, аўдыторыі і лабараторыі. Кафедра перааснашчаецца сучасным вучэбным і лабараторным абсталяваннем, ствараецца бібліятэка даведачнай і метадычнай літаратуры, вучэбная кінатэка, банк дзеючых нарматыўна-тэхнічных дакументаў, навучальных табліц, макетаў і іншых навучальных матэрыялаў. Для правядзення практычных заняткаў выкарыстоўваюцца 21 базавая санэпідустанова і 32 аб'екты дзяржсаннагляду. У гэты перыяд на кафедры праводзіцца тэматычная падрыхтоўка галоўных дзяржаўных санітарных урачоў раёнаў, гарадоў і абласцей: з агульнай колькасці слухачоў яны складалі прыкладна 40 працэнтаў пры працягласці цыклаў удасканалення 1,5-2 месяцы. Штогод падвышалі сваю кваліфікацыю ў сярэднім 100-110 лекараў санітарнага профіля амаль з усіх рэгіёнаў Савецкага Звяза.
Для атрымання аб'ектыўнай інфармацыі, якая характарызуе фактары асяроддзя пасялення, важным з'яўляецца падрыхтоўка кадраў, якія займаюцца ацэнкай з выкарыстаннем фізіка-хімічных метадаў, ацэнкай фактараў асяроддзя пасялення. Гэта вызначыла неабходнасць павышэння кваліфікацыі работнікаў лабараторнага звяна санітарна-эпідэміялагічнай службы, якое было арганізавана па ініцыятыве І. Б. Кардаша. У 1989 г. пачынае функцыянаваць курс паслядыпломнай падрыхтоўкі лекараў санітарна-гігіенічных лабараторый (лабараторныя метады даследавання харчовых прадуктаў і аб'ектаў навакольнага асяроддзя). Для правядзення заняткаў на гэтых курсах у 1989 годзе па конкурсе на пасады асістэнтаў на кафедру выбраны кандыдаты хімічных навук Т. В. Башун і С. Ф. Фурс. Курсы ўдасканалення для ўрачоў-лабарантаў праводзіліся працягласцю 1-1,5 месяца і за год ахоплівалі 50-60 спецыялістаў.
З 1991 г. па люты 2006 г. кафедру ўзначальваў доктар медыцынскіх навук, прафесар В. І. Цярноў. З'яўляючыся загадчыкам кафедры, ён адначасова ўзначальваў Нацыянальную камісію Беларусі па радыяцыйнай абароне, якая функцыянуе пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам з 1991 года кафедра пачала праводзіць тэматычныя цыклы па ўсіх гігіенічных раздзелах дзейнасці ЦГіЭ: гігіена працы, гігіена харчавання, гігіена дзяцей і падлеткаў, камунальная і радыяцыйная гігіена, санітарна-хімічныя метады даследавання.
У 1997 годзе кафедра была перайменавана і стала назвацца кафедрай гігіены і медыцынскай экалогіі.
У красавіку 2000 года пры кафедры арганізаваны курс прафілактычнай медыцыны і статыстычнага ўліку, які ўзначаліў прафесар В. М. Растоўцаў. На пасаду старшага выкладчыка курса абрана к.м.н. І. Н. Цюхлова, якая працавала да гэтага на пасадзе галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтра здароўя Рэспублікі Беларусь.На кафедры пачынаюць праводзіцца цыклы тэматычнага ўдасканалення па асновах медыцынскай прафілактыкі для лекараў-валеолагаў, лекараў педыятрычнага і тэрапеўтычнага профіляў, лекараў-гігіеністаў, арганізатараў аховы здароўя, а таксама цыклы тэматычнага ўдасканалення па медыцынскай статыстыцы і МКБ — 10-га перагляду для ўрачоў статыстыкаў і загадчыкаў аддзяленняў у стацыянарах і паліклініках. У сакавіку 2013 г. у сувязі з мэтазгоднасцю больш актыўнага навучання пытанням прафілактычнай медыцыны спецыялістаў лячэбнага профілю курс асновы медыцынскай прафілактыкі пераведзены на кафедру агульнай урачэбнай практыкі.
З лютага 2006 г. па цяперашні час кафедру ўзначальвае к. м. н. дацэнт Гузік Я. А., якая з'яўляецца спецыялістам па гігіене і ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, мае значны вопыт работы ў практычнай ахове здароўя, што садзейнічала ўдасканаленню арганізацыі адукацыйнага працэсу, актыўнаму ўключэнню ў правядзенне заняткаў на курсах павышэння кваліфікацыі вядучых спецыялістаў санітарна-эпідэміялагічнай службы і профільных навукова-практычных устаноў, якія маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, вучоныя ступені, званні і шматгадовы вопыт работы.
Кафедра гігіены і медыцынскай экалогіі штогод удзельнічае ў выкананні навуковых даследванняў. Асноўнымі напрамкамі навуковай дзейнасці кафедры былі даследаванні ў галіне радыяцыйнай гігіены, гігіены харчавання, гігіены дзяцей і падлеткаў, камунальнай гігіены, гігіены працы і прафілактычнай медыцыны.
Прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы нарматыўна-метадычных дакументаў, якія зацвярджаюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. На рэгулярнай аснове аказвае практычную метадычную і кансультатыўную дапамогу ў выкананні бягучых задач установамі санітарна-эпідэміялагічнай службы, устаноў аховы здароўя і іншых міністэрстваў і ведамстваў. Рэгулярна праводзяцца навучальныя семінары для кіраўнікоў і спецыялістаў цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі г. Мінска і Мінскай вобласці і іх намеснікаў.
ЦIТ БелМАПА ©